НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ КАМІ́СІЯ (НДзК) па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і прычыненых імі страт грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР. Створана паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 2.11.1942 з дзярж. і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў навукі і культуры (старшыня М.М.Швернік). У рэспубліках, краях, абласцях, гарадах і раёнах ствараліся камісіі садзеяння НДзК. Бел. рэсп. камісію (створана ў пач. 1944) узначальваў 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка. Дзейнічалі Бабруйская, Баранавіцкая, Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Маладзечанская, Мінская, Палеская, Пінская, Полацкая абл. камісіі садзеяння. Паводле звестак камісіі страты СССР склалі 679 млрд. руб. (у цэнах 1941), у Беларусі ням.-фаш. захопнікі знішчылі больш за 2,2 млн. сав. грамадзян, разбурылі і спалілі 209 гарадоў і гар. пасёлкаў, 9200 вёсак, разбурылі і вывезлі ў Германію больш за 10 тыс. прамысл. прадпрыемстваў, прычынілі матэрыяльныя страты на суму 75 млрд. руб. Акты, паведамленні і інш. матэрыялы камісіі шырока выкарыстоўваліся на Нюрнбергскім працэсе, на працэсах у Мінску, Гомелі, Бабруйску і інш. і былі прызнаны бясспрэчнымі доказамі па справах ням. ваен. злачынстваў.

Кр.: Нюрнбергский процесс: Сб. материалов. Т. 1—2. 3 изд. М., 1955; Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941—1944. 2 изд. Мн., 1965.

т. 11, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)